Сайт студенческого сообщества ЕГУ

Мініфэст дакументальнага кіно "BelInterDok"

Мініфэст дакументальнага кіно "BelInterDok"

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і асацыяцыя "BelFilm" пры дапамозе міжнароднага клубу экстрэмальнай журналістыкі Frontline запрашае на Мініфэст дакументальнага кіно "BelInterDok" "Кіно для тых, хто здольны разважаць" 27-28 сакавіка (Вучэбны корпус ЕГУ, Valakupių 5, 213 аўдыторыя) Пачатак у 18.00.

Дзень першы (27 сакавіка, аўторак)

"Крывавы след"

75 хвілін, рэжысёр: Рычард Пэры (Вялікабрытанія, ЗША)

Біяграфічная гісторыя ваеннага фатографа Роберта Кінга, якая здымалася на працягу 15 гадоў яго прафесійнай дзейнасці.

Журналістыка ў гарачых кропках – доля абраных. Аповед галоўнага героя пра сваё жыццё і прафесію, аповед, пазбаўлены найменшага пафасу.

Вайна як тло, на якім праступае графіка чалавечага лёсу.

Фільм "Крывавы след" крытыка назвала самым шчырым фільмам аб ваеннай журналістыцы.

"Нестыхійнае бедства ў Кітаі. Слёзы правінцыі Сы Чуань"

39 хвілін, рэжысёры і прадзюсеры: Джон Алперт, Мэцью О’Ніл, 2009 г.

12 траўня 2008 года ў кітайскай правінцыі Сычуань адбыўся разбуральны землятрус, адзін з самых моцных у гісторыі краіны. Па афіцыйных дадзеных, ён забраў жыцці амаль 70 тысяч чалавек.

У правінцыі Сы Чуань бацькі аплакваюць сваіх загінулых дзяцей. Улічваючы дзеючую ў Кітаі палітыку аднаго дзіцяці, многія страцілі свайго адзінага сына ці дачку. Несуцешным бацькам прапануюць мізэрную кампенсацыю за загіблага дзіцёнка.

Фільм намінаваны на прэмію "Оскар" у 2010 г.

“Як сібірскія дзяўчынкі амерыканкамі сталі”

43 хвіліны, рэжысёры:  Джон Алперт, Мэцью О’Ніл, 2005 г.

Для амерыканскіх бацькоў, якія вырашылі ўзяць дзіця з-за мяжы, Расія займае другое месца пасля Кітая. Толькі ў 2001 годзе амерыканцы ўсынавілі больш за 4200 расійскіх дзяцей.

Працэс усынаўлення доўгі і цяжкі. Будучыя бацькі мусілі быць гатовыя выдаткаваць па меншай меры 25.000 даляраў, аформіць мноства дакументаў, прайсці шэраг хатніх праверак і кансультацый і два разы наведаць радзіму сваіх дзяцей.

Фільм "Як сібірскія дзяўчынкі амерыканкамі сталі" суправаджае дзве амерыканскія сям'і на гэтым няпростым шляху.

У Эмі і Брэта Тэрнераў з горада Форт Маерс, штат Фларыда, ужо ёсць два сыны, але яны горача мараць пра дачку. Перажыўшы некалькі выкідышаў, пара вырашылася звярнуцца ў агенцтва па ўсынаўленні.

Салі Собсі, самотная маці з Монтклера, штат Вірджынія, заўсёды прагнула стаць прыёмнай маці. Выгадаваўшы двух сыноў, Салі нарэшце гатова ажыццявіць сваю мару.

Абедзве сям'і едуць у Расею, у Сібір, каб пазнаёміцца са сваімі будучымі дочкамі і прыняць адказнае лёсавызначальнае рашэнне. Разам з імі гледачы перажываюць усе радасці і трывогі гэтага хвалюючага і складанага працэсу.

Дзень другі (28 сакавіка, серада)

"Журналісты"

52 хвілін, рэжысёр: Алег Дашкевіч, 2009 г.

Прафесія рэпарцёра вельмі запатрабаваная ў любым сучасным грамадстве. Мы не можам сабе ўявіць дзень без газет, радыё, тэлебачання. Навіны – частка нашага жыцця.

Фільм "Журналісты" распавядае аб рэальнай працы людзей гэтай важнай прафесіі. Смеласць, аб'ектыўнасць, прафесіяналізм – вось якасці, неабходныя людзям, што абралі такі жыццёвы шлях, у якой краіне яны б ні жылі і ў якіх выданнях ні працавалі б.

Героі карціны "Журналісты" – людзі, якія працуюць тут і цяпер, у самых розных выданнях, але аб'яднаныя адной агульнай мэтай – даносіць да грамадства неабходную інфармацыю.

"Незалежнасць"

72 хвілін, рэжысёр: Сяргей Ісакаў

Хроніка аднаўлення незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе.

Галоўныя дзеючыя асобы беларускай палітыкі таго часу – аб тым, што магло быць і чаго не адбылося.

 

 

"Там над Вяльлёю. З жыцьця тутэйшых"

26 хвілін, рэжысёр: Тацяна Дубавец (Беларусь/Літва)

Фільм пра нацыянальную ідэнтыфікацыю насельнікаў Віленскага краю. Спроба разабрацца, хто яны. На працягу некалькіх стагоддзяў пры ўладах, што мяняліся, як калейдаскоп, гэтыя людзі называліся тутэйшымі. Сёння яны вызначаюць сябе то палякамі, то літоўцамі, то беларусамі. Графы “тутэйшыя” ў перапісных лістах не існуе.

 

“Дыягназ: Бісмарк”

26 хвілін, рэжысёр: Аляксандр Матафонаў, 2012 г.

Фільм прысвечаны беларускаму мастаку-авангардысту Віталю Калгіну, вядомаму пад псеўданімам Бісмарк.

Якую цану трэба плаціць, калі ты не такі, як усе? Што ўяўляе з сябе Віталь Калгін як мастак і як чалавек? Што стала прычынаю змяшчэння мастака ў псіхіятрычную клініку? Што чакае яго ў будучыні?

Адказы на гэтыя пытанні пастараліся знайсці аўтары фільма ў ягоных малюнках, у архіўных здымках, у гутарках з жонкаю, сябрамі, калегамі-мастакамі ды мастацтвазнаўцамі.

КОММЕНТИРОВАТЬ ЧЕРЕЗ ФЕЙСБУК

Premium Drupal Themes by Adaptivethemes